Прыназоўнік - Schools.by

Report
Прыназоўнік
як часціна мовы
Прыназоўнік – службовая часціна мовы, якая выражае залежнасць
назоўніка, лічэбніка і займенніка ва ўскосным склоне ад іншых слоў у словазлучэнні:
Шмат чаго трэба ў душу ўвабраць (Л. Геніюш)
Гадавала сава дзеці, і няма на што глядзеці. (Прыказка)
Чалавеку за пяцьдзесят, вайну адваяваў… (М. Лужанін)
Прыназоўнікі з ускоснымі склонамі назоўнікаў і займеннікаў
выражаюць розныя значэнні:
часавыя
займацца ў лютым
прасторавыя
займацца ў школе
мэтавыя
займацца дзеля ведаў
спосабу дзеяння
займацца з ахвотаю
прычынныя
займацца са страху
Ужыванне прыназоўнікаў з адным
і некалькімі склонамі
Ужываюцца толькі з адным склонам:
да – з родным (павага да старэйшых, падышоў да акна)
над – з творным (гучыць над полем, узняцца над дахам)
пра – з вінавальным (думаць пра канікулы, апавяданне пра гераізм)
Ужываюцца з двума склонамі:
за – з вінавальным і творным
(выехалі за горад, сустрэча за горадам)
аб і на – з вінавальным і месным
(ударыцца аб камень, загад аб пераводзе,
пакласці на стол, ляжыць на стале)
Ужываюцца з трыма склонамі:
у – з родным, вінавальным і месным
(браў у бацькі, сабраўся ў лес, сустрэліся ў школе)
па – з давальным, вінавальным і месным
(далі па яблыку, трава па пояс, раскажу па дарозе)
Прыназоўнікі
невытворныя
а, аб, ад, без, для, дзеля, з,
за, к, каля, ля, між, паміж,
на, над, па, пад, перад, пра,
праз, пры, у, цераз
вытворныя
утварыліся ад назоўнікаў
ва ўскосных склонах з
невытворнымі
прыназоўнікамі і без іх
пры дапамозе, на працягу,
з прычыны, за выключэннем,
з мэтай, у час, у выніку,
шляхам
утварыліся
ад прыслоўяў
абапал, блізка, вакол, збоку,
зверху, злева, міма, пасля,
пасярэдзіне, побач, услед і інш.
утварыліся
ад дзеепрыслоўяў
выключаючы, дзякуючы,
не лічачы, нягледзячы на,
пачынаючы з
Асаблівасці ўжывання некаторых прыназоўнікаў
Перад словамі, якія пачынаюцца з у, прыназоўнік у замяняецца варыянтам ва:
у памяці, але ва ўспамінах, у мяне, але ва ўсіх
Перад словамі, якія пачынаюцца спалучэннем зычных, першымі з якіх
з’яўляюцца з, с, ж, ш або м, замест прыназоўніка з вымаўляецца і пішацца
прыназоўнік са:
узяць са збанка, прыбраць са стала, пасябраваць са мною
З прыназоўніка з ужываюцца назоўнікі і займеннікі пры дзеясловах смяяцца,
дзівіцца, цешыцца, жартаваць, кпіць:
Дзівіцца Сцёпка. З кніжкі дзівіцца і з Аленчынай вучонасці.
(Я. Колас)
Пры выражэнні часавых і прасторавых адносін некаторыя прыназоўнікі
ўжываюцца парамі: ад – да, з – па, з – на:
І з таго часу па сягоння мне сонцам свеціць Наднямонне.
(Я. Колас)
Прыназоўнік па ўжываецца з вінавальным склонам для выражэння мэты
дзеяння:
заехаць па сена, зайсці па бульбу, забегчы па сябра, ісці па хлеб
Для выражэння прадмета маўлення або думкі ўжываюцца прыназоўнікі пра з
вінавальным склонам і аб з месным склонам:
разважауць пра будучыню або аб мінулым, апавядаць пра канікулы і аб
пачастунку
Многія прыназоўнікі выступаюць як сінонімы. Так можна сказаць:
з дапамогай і пры дапамозе, да лесу і пад лес, у чарніцы і па
чарніцы,забыць пра яе і забыць на яе
Прыназоўнікі
простыя
Складаюцца з аднаго слова:
ад, без, за, перад, пры, вакол,
насустрач, дзякуючы
складаныя
Утвораныя з двух простых,
напісаных праз дэфіс:
з-за, з-пад, па-за, па-над
састаўныя
Складаюцца двух або
некалькіх слоў:
з прычыны хваробы, на працягу
месяца, пачынаючы з лютага,
у сувязі з непагодаю
Правапіс прыназоўнікаў
Прыназоўнікі заўсёды пішуцца асобна
ад тых слоў, перад якімі стаяць:
пра жыццё, у акне, воддаль ад дома,
ва ўзросце
Уважліва трэба ставіцца да сітуацый, калі састаўны прыназоўнік нагадвае прыслоўе, у якім
прыстаўка супадае з першай часткай прыназоўніка:
У пачатку вясны часта яшчэ бываюць маразы. –
Вясна была яшчэ ўпачатку. (Я. Колас)
Пішуцца праз злучок
складаныя прыназоўнікі з-за, з-пад,
з-над, па-за, па-над
Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца вёсачка, хат, можа, так трыццаць ці сорак.
(Я. Колас)
Пішуцца ў два або тры словы
састаўныя прыназоўнікі
Пішацца злітна прыназоўнік паўз
разам з, нягледзячы на, на чале з, на шляху да,
у адказ на, у залежнасці ад, у адрозненне ад
Прыназоўнікі перад, пад і над перад займеннікам мною і прыназоўнікі к і аб перад
займеннікам мне набываюць дадатковае а:
перада мною, нада мною, пада мною, ка мне, аба мне

similar documents